Knigionline.co » Книги Приключения » Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Герои ищут иезуитские сокровища в подвалах под Минском, путешествуют вместе с черным магом и египетской принцессой в одной карете, и даже оказаться на балу во дворце российской императрицы. Они будут выяснять кому должна принадлежать корона святого Альфреда. События в книге происходят в век плаща и шпаги, первые годы правления Станислава Понятовского.

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги

© Л. Рублеўская, 2012

© ТАА, "Электронная кнігарня"

Пралог

Двубой скончыўся раней, чым анісавая аквавіта. Хаця драгуны коннай літоўскай харугвы пілі яе, як сухі жвір прагна выпівае кожную дажджынку прыпозненага летняга дажджу.

Гледачы не паспелі пабіцца аб заклад, хто пераможа, а малады падхаружы трапным ударам шаблі акуратна ўклаў свайго пышнавусага даўганосага суперніка на траўку – на аптэчны рамонак, настой з якога добра дапамагае ад ветраў у жываце, на трыпутнік, які карысны для зажыўлення ранаў ды ад кашлю, на цыкорыю з сінімі кветкамі, што ўпарадкуе жоўць… Туды ж, на ліцвінскі дзірван, адправілася шабля, выбітая з рукі пераможанага – уторкнулася ў вільготную ад цёплых летніх дажджоў беларускую зямлю, загайдалася, затрымцела ад ганьбы, люструючы бяссілым лязом неба і белыя хмаркі…

Папраўдзе, даўганосаму было ўсё адно, на якой траве ляжаць з ганьбаю – паваліўся ж не ад раны, а жвавы супернік, шчаўлік, прызначаны падхаружым проста са студэнцкай лаўкі, заганяў, збіў з тропу, ды яшчэ выпітая аквавіта падступна падбіла пад калені, адштурхнула ад фартуны, як расейскае войска – Пана Каханку Радзівіла пад Слонімам…

– Думаю, гэтага даволі, пан Свентажыцкі, – ветліва прамовіў падхаружы, русявы, блакітнавокі насмешнік, які спрытна падхапіў выбітую ў ворага шаблю і цяпер выскаляўся, быццам атрымаў куфэрак дукатаў ад новага маладога караля па мянушцы Цялок.

– Я, пан Вырвіч, вашу мосць яшчэ на скрылькі пасяку! – зароў пераможаны драгун, як дэлегат на элекцыйным сойме, пад ухвальны гуд таварышаў. Паспрабаваў устаць, але полацкая аквавіта была добрым, якасным напоем аптэкарскай работы, і перамагла. Рамонак журботна ківаў дробнымі сціплымі кветачкамі над палеглым ваяром, які соладка захроп, як быццам ляжаў не на зямлі, а на пуховай пярыне.

– Пан Пранціш, пойдзем, адзначым перамогу! Ягамосць Вырвіч мусіць выпіць за ўдалы двубой і за імяніны пана палкоўніка! – загулі драгуны, але падхаружы ўсміхнуўся сумна, схаваў сваю шаблю ў похвы, чужую зноў уторкнуў у дзірван, быццам яна магла прарасці кветкамі, і адгаварыўся ад балявання стомай і патрэбай напісаць ліст радзіне. І рушыў, не зважаючы на скрыўленыя фізіяноміі і перамігванні за спінай. Былі і перашэптванні, да якіх пану Вырвічу не трэба было прыслухоўвацца, каб ведаць, якія словы найчасцей паўтараліся – “чарнакніжнік” і “схізматык”.

Панам было цяжкавата патлумачыць, чаму падхаружы Пранціш Вырвіч не бачыць асаблівай прычыны для балявання. Як сказаў бы Пранцішаў настаўнік, строгі прафесар Віленскай акадэміі доктар Баўтрамей Лёднік, няма асаблівага гонару ў тым, каб пабіцца з п’яным таварышам, які нават не помніць, з-за чаго быў пабіты.

– Схізматык! – прабурчэў услых пагардліва адзін з драгунаў. – Як такога ў войску трымаюць?

– Пан Вырвіч – рыцар! З роду самога Палямона! – заступіўся за таварыша чарнявы драгун з такімі плячыма, на якіх, здавалася, можна абіваць снапы. – Мы вучыліся разам – і не чарнакніжнік ён ніякі! Добры хлопец і слаўны шляхціц! Хіба мала ў бойкі разам хадзілі? Не бачылі, як ён б’ецца? Вам жа, пан Гаравіч, жыццё пад Коўнам уратаваў! А наконт схізмы – дык наш кароль, ягоная мосць Станіслаў Панятоўскі, супраць таго, каб дысідэнтаў пераследвалі.

– Воін пан падхаружы і праўда адважны… Шабляй валодае – як сам Палямон… – неахвотна прызнаўся пан Гаравіч, таўсманы шляхцюк з носам, які нагадваў пераспелую сліву. – Але хіба сапраўдны шляхціц будзе, як пан падхаружы, пасля баталіі дыскурсы разводзіць, а ці правільна шаблю агаляў, ці справядліва кроў пусціў? Філасофію трэба ў бурсе пакідаць, а не цягнуць на поле бойкі! А наконт схізмы – дык я ўхваляю мінулагодні сойм, на якім прынялі, каб за пераход з каталіцкай веры ў іншую караць на горла!

Перейти
Наш сайт автоматически запоминает страницу, где вы остановились, вы можете продолжить чтение в любой момент
Оставить комментарий