Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)
-
Год:2014
-
Название:Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
-
Автор:
-
Жанр:
-
Серия:
-
Оригинал:Белорусский
-
Язык:Белорусский
-
Страниц:33
-
ISBN:978-985-7083-85-5
-
Рейтинг:
-
Ваша оценка:
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги
– Сын хворага ўсіх нашых калегаў паганым венікам пагнаў. Пры гэтым ангелец на развітанне пабіў немца, немец пагразіўся разбіць у манаграфіі навуковы досвед ангельца, француз пайшоў, напяваючы, а рускі – галавой ківаючы.
Тут ужо зарагатала ўся кампанія. Каля ратушы, якая пасля пажару так і стаяла абгарэлым слупом, граф Разанцаў развітаўся з Лёднікам, у яго былі справы ў магістраце. І сямейства доктара адправілася далей, туды, дзе высіліся дзве камяніцы па мянушцы Рай і Пекла. Гарадскі гадзіннік адбіў тры папалудні, на ягоным масянжовым пляскатым твары па звычаі меўся надпіс “Vulnerant omnes, ultima necat” – “Усе гадзіны раняць, апошняя забівае”. Ля ганебнага слупа на пляцы тоўпіўся люд паспаліты, ахвочы да чужой пакуты. Лёднік скасавурыўся ў той бок.
– З маім шчасцем і я там калі-небудзь магу натоўп вакол сябе сабраць, больш, чым з кафедры.
– Не гарадзі лухты, Бутрым! Не спакушай Бога! – гнеўна сказала Саламея. – Мала табе ў жыцці прысаку ў поліўцы перапала?
– Я абараню цябе, тата! – важна прамовіў малодшы Лёднік, у ягоных цёмных вачанятах хавалася трывога.
– Вось, дзіця напалохаў… – з дакорам прагаварыла пані Саламея. Лёднік падхапіў сына на рукі, пацалаваў, худы змрочны твар доктара прасвятлеў, памякчэў – што ж, за права называць гэтага хлопчыка сынам прафесар заплаціў вельмі дорага.
– Пусці, я ўжо вялікі! Я шляхціц!
Хлопец выкруціўся з рук бацькі, саскочыў на зямлю і прыняў гордую паставу. Пранціш схаваў усмешку – характар у Аляксандра Баўтрамеева Лёдніка быў відавочна таткаў.
– Ой я, малада, дзе розум падзела?
За жаўнера, за зладзея сама захацела,
– завёў побач песеньку лірнік, і ягоны паплечнік, замурзаны хлапчыска ў аблезлай камізэльцы з футра ўжо невызначальна якой жывёлы, ускінутай паўзверх падранай кашулі, зашнырыў з шапкай ля мінакоў.
– Ой, пайду я ў поле: жыта палавее.
Добра мая галованька, што не акалее, —
жаласна выводзіў надтрэснуты голас. Пранціш кінуў у падсунутую шапку грош і сярдзіта папрасіў больш баявітых песень. Няма чаго жаўнераў ганьбіць.
Услед зараз жа панеслася “баявітае”, на заказ:
– Збройныя дзеі пяю, ваяводаў, Літоўскага Марса.
Караляў збройных пяю: іх харугвы варожыя разам
Бачылі землі Барэя і месца паўночнае – Рыга,
З імем адным – ды з адрозным і лёсам, і сілай ад Бога…
Пранціш ажно спатыкнуўся… Жабрак выпяваў “Караламахію” Хрыстафора Завішы, ды яшчэ ў перакладзе з лаціны! Трэба вярнуцца…
Драгун са скрухай углядаўся ў спаласаваны шнарамі і зморшчынамі твар лірніка, паўз якога нядаўна прайшоў з няўважнай пагардай. Гэта не быў твар неадукаванага палахлівага мужыка… Вочы выхоплівалі падрабязнасці, з якіх складаўся партрэт горкага лёсу: мыліца, прыхінутая да ліпы, пад якой прыладзіўся спявак, шнар ад шаблі праз увесь твар, старая жаўнерская дзяга, што сцягвала лахманы…
– Ваяваў, васпан? – ціха спытаўся Пранціш. Сляпыя вочы лірніка былі паўпрыкрытыя, і ўсе аблічча здавалася “сляпым”, невыразным. Адно што – адчувалася за гэтай невыразнасцю застарэлая пагарда, амаль інстынктыўная нянавісць да тых, ад чыёй літасці ён зараз залежыць.
– Так, ваяваў, літасцівы пане, з туркамі біўся, са шведамі, з маскоўцамі. У войску слаўнага караля нашага Жыгімонта, няхай уладзяць яго светлыя янголі ў нябёсным палацы, – голас гучэў, як бы чалавек столькі разоў паўтараў сваю гісторыю, што смяротна стаміўся, і абрыдлі яму чуллівыя падрабязнасці, бо не расчульваюць яны сэрцы.
– А вучыўся дзе?
– У піяраў, ваша мосць, у Зэльвенскім калегіюме.
Вырвіч абшарыў кішэні і высыпаў у шапку, зараз жа падстаўленую мурзатым хлапчыскам, усё да грошыка.
– А гэта ад нас! – важна прамовіў дзіцячы голас, і пан Алесь Лёднік, відаць, пасланы бацькамі, таксама кінуў манеты.