Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)
-
Год:2014
-
Название:Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
-
Автор:
-
Жанр:
-
Серия:
-
Оригинал:Белорусский
-
Язык:Белорусский
-
Страниц:33
-
ISBN:978-985-7083-85-5
-
Рейтинг:
-
Ваша оценка:
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги
– Баяцца табе цяпер няма чаго. Як Пане Каханку за мяжу ўцёк, Юдыцкі ўплыву мае мала. Да таго ж ягоны стрыечны брат, рэчыцкі суддзя, утварыў бяды – зрабіў наезд на сеймік, дзе яго не хацелі маршалкам выбіраць, людзей пасек. Каб яго схапіць, расейскія войскі запрасілі. Дык узялі пана толькі ў радавой усыпальніцы – сядзеў на труне прадзеда з двума пісталетамі. Цяпер, кажуць, на расстрэл асудзілі – надта ўсё жорстка і беззаконна, ніхто не заступіўся. І наш Юдыцкі ад брата паспяшаўся адрачыся: маўляў, хоць і скруха на сэрцы, але пан-брат сам вінаваты, закон парушаць нельга. Такія, як суддзя, ворагаў і сяброў мяняюць, бы модная паненка кавалераў. Ты ведаеш, што ён яшчэ ў мінулым годзе да мяне на прыём прыходзіў?
Вось табе на! Вырвіч успомніў, як Лёднік, едучы ў турэмнай карэце на расправу, “прыпёк” Юдыцкага дыягназам, што ў таго пячонка не ў парадку, і мужчынскай сілы няма.
– Ну і як, вярнуў суддзі мужчынскую сілу?
Доктар нават не пасміхнуўся.
– Прабач, пан Вырвіч, але лячэнне пацыента – справа між ім і доктарам.
Пранціш аж пачырванеў. Вось зануда гэты былы алхімік… Мала, што лечыць колішняга смяротнага ворага, дык яшчэ ад найбліжэйшага свайго сябра падрабязнасці хавае.
– Адзінае – калі Юдыцкі пачне ў які закалот намаўляць, не лезь! – задумліва прамовіў Лёднік. – Пане Каханку зараз у эміграцыі, але ж сувязь тут мае ўвесьчасную. Чуў, можа, што на гузіках ягоных быў выціснены дэвіз – “Fiducia amicorum fortis”, моцны вернасцю сяброў?
– Але не жончынай, – зласліва зазначыў Пранціш. – Пані Тарэза з Ржавускіх за мужам у выгнанне не паехала, на балях у Панятоўскага скача, каралю амуры строіць. А атрыманыя ад Радзівіла лісты ў каралеўскім палацы ўслых зачытвае, каб усе пасмяяліся.
Лёднік уздыхнуў.
– Што ж, дзе густа, дзе пуста. Мне расказвалі, што ў гэтай пані ў спачывальні вісіць жалезная клетка, куды яна садзіць ворагаў – каб цешыцца іхнімі стогнамі ды крыкамі, зусім як князь Геранім Радзівіл. Нездарма Пане Каханку ад жонкі ў кляштары хаваўся. Затое альбанчыкі, сябры радзівілаўскай банды, маёнткі пана ў арэнду бяруць, пільнуюць, прыбытак пану пасылаюць… Так што Радзівіл пусціў чутку па ўсёй Еўропе, што ў яго маецца неразменны залаты дынарый памерам з жорнаў. Патоцкія і Браніцкія таксама лезуць смаліцай у вочы, пра карону мараць. І Панятоўскаму яшчэ доўга давядзецца за моц свайго трону змагацца. А грошай у яго на гэта няма.
Вырвіч здзівіўся.
– Як гэта – у караля ды грошай няма!
Васковы чалавек з адзіным вырачаным вокам дакорліва глядзеў на Лёдніка, сына полацкага гарбара, які разважаў пра палітыку без усялякай трапятлівасці.
– Тое, што шляхцюку – гара залатая, каралю абакрадзенай дзяржавы, які хоча рэформаў – каціныя слёзы, – стамлёна гаварыў Лёднік. – Сам падумай: прыбыткі ад партоў, капальняў ды падаткаў ідуць толькі на дзяржаўныя патрэбы. Уласных жа маёнткаў у караля паменела, дый ладу ў іх няма. А расейцы, хоць зброяй падтрымаюць, рэформы фінансаваць не стануць. Нашто ім добрыя законы ды моцная эканоміка ў дзяржаве, якую яны зжэрці збіраюцца? Вось, прызначыў Цялок сябрука, Антона Тызенгаўза, адміністратарам сваіх уладанняў, а той узяўся люстрацыі, рэвізіі зямельныя, праводзіць. А ты ўяві, колькі каралеўскіх земляў патрошку паадразалі сабе ўсялякія! Так што незадаволеных нават па гэтым будзе шмат. Дысідэнцкае пытанне таксама так проста не вырашыцца…
– Дык расейцы ж уціск праваслаўя галоўным злачынствам абвяшчаюць, а ягоную абарону – сваёй галоўнай задачай! – нагадаў Пранціш. – Мяне ў харугве за тое, што я не каталік, ледзь у расейскія шпегі не запісалі.
Лёднік цяжка ўздыхнуў.