Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)
-
Год:2014
-
Название:Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
-
Автор:
-
Жанр:
-
Серия:
-
Оригинал:Белорусский
-
Язык:Белорусский
-
Страниц:33
-
ISBN:978-985-7083-85-5
-
Рейтинг:
-
Ваша оценка:
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги
Няўжо няма справядлівасці ў гэтым свеце нават для тых, хто праліваў кроў за Айчыну? Няўжо яна – таксама бязлітасная дама, якая прымушае за сябе паміраць, але ўдзячнасці ад якой не дачакаешся? І ці не здарыцца так, што калісь Пранціш Вырвіч, стары, скалечаны, аслеплы, будзе вось так соўгацца, выпрошваючы на хлеб і ціха ненавідзячы фанабэрыстых абыякавых багацеяў?
У доме з зялёнымі аканіцамі іх чакала вячэра, радасны брэх рудога калматага сабакі па мянушцы Піфагор, прыгаворванні таўсманнага гультаяватага слугі Хвелькі і стройныя шэрагі кніг, якія мелі ўласцівасць разрастацца ў гэтым доме, як апенькі на збуцвелым пні, так што не было ніводнай сцяны, дзе калі не стаяла самавітая шафа – дык вісела паліца з папяровымі ці пергаментнымі суразмоўцамі. Шмат кніг прыбавілася пасля таго, як у мінулым годзе памёр Лёднікаў настаўнік і дарагі яму чалавек, полацкі аптэкар дзядзька Лейба, і адпісаў Бутрыму ўсю сваю бібліятэку.
Вырвіч так і не пераняў палкую любоў свайго ментара да навуковых трактатаў, але кнігі з выдумкамі, усялякімі фантастыкамі ды пра высокую навуку вершаскладання былі яму даражэй цяпер за келіх добрага віна. Драгун зняў з паліцы патрапаны томік: “Лапатачнік”. Што за прыпавесць? Пагартаў… Дапаможнік па варажбе на авечай лапатцы, перакладзены з трактату Пятра Егіпцяніна… Чаго толькі ў дзядзькі Лейбы не захоўвалася! А вось табе “Таямніца таямніцаў, Арыстоцелева брама”, больш вядомы ды самавіты твор, праўда, як запэўніваў Лёднік, да Арыстоцеля ніякіх адносінаў не мае. Том з “осьмі главізнаў”, у якіх і “о поведаніі ваёўным”, і “о прамудрасці парсуннай, яко заховаці цару жывот свой, піціем, і ядзеніем, і спаніем, і порты”, і пра куплю рабоў і рабыняў, а таксама – самае Лёдніку цікавае – лекавыя парады.
Пранціш пазнаў і гравюру з выявай Іерусаліму, якая раней вісела на сцяне ў аптэцы дзядзькі Лейбы: з мініяцюрнымі камяніцамі, пальмамі, паўлінамі і херувімчыкамі.
Драгун з замілаваннем разглядаў дом і гаспадароў, якія паскідалі парыкі і пераапрануліся ў хатняе. У чорных валасах Лёдніка з’явіліся срэбныя ніты, але ён усё гэткі ж упарты, жылісты і хуткі, не чалавек – змяюка. Напэўна, па-ранейшаму займаецца фехтаваннем – вунь нават некалькі драўляных мячоў у куце. Раней Лёднік такімі пагарджаў, трэніруючыся толькі на баявой зброі. Але як Вырвіч з’ехаў, дык, відаць, даводзіцца прафесару ў трэнінгах мець справу з дурнымі юнакамі, якія пакалечыцца могуць. Пранціш нават адчуў у глыбіні душы востры ўкол рэўнасці да тых незнаёмых вучняў.
Саламея Лёднік была ўсё гэткай жа гожай, толькі ў куточках вачэй з’явіліся таненькія зморшчынкі, якія пані не лічыла патрэбным хаваць пад слоем пудры. Яна нават цяпер, праз трывогу, свяцілася шчасцем, варта было пабачыць сына. Пранціш гадаў, ці памятае маленькі Алесь, што ў яго калісьці была іншая маці?
Між тым пані Саламея накрывала на стол – яна, дачка полацкага купца-кнігара, не грэбавала ўласнаручна займацца хатняй гаспадаркай, хаця ў дом прыходзіла і прыслуга дзеля чорнай працы. Але перад вячэрай Лёднік завёў Пранціша ў кабінет, дзе акрамя кнігаў грувасціліся хімічныя ды медычныя прылады і некалькі застрашлівых васковых муляжоў, што дужа рэалістычна ўяўлялі з сябе прэпараваныя фрагменты чалавека, замкнуў дзверы на ключ.
– Расказвай!
Пранціш моўчкі працягнуў ліст да Юдыцкага. Прафесар уважліва разгледзеў канверт, але ламаць пячатку не стаў.
– Ясна… Ісці да пана суддзі не хочацца?
– Яшчэ б! – фыркнуў Пранціш, касавурачыся на расфарбаванага васковага нябожчыка без паловы чэрапа, чый мозг, аплецены венамі, нагадваў кубло рознакаляровых рабакоў. —У цябе вунь дасюль шнар на лобе ад ягонай шаблі! Забыўся, як ён нас ледзь у слуцкія сутарэнні не заканапаціў? А потым у Менску я ж пад ягонымі вокнамі прывіда выяўляў, мяне з вартай лавілі. Ну і фізіяномія была тады ў пана!
Вырвіч засмяяўся ўспамінам. Лёднік задумліва пакруціў ліст.