Knigionline.co » Книги Приключения » Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Герои ищут иезуитские сокровища в подвалах под Минском, путешествуют вместе с черным магом и египетской принцессой в одной карете, и даже оказаться на балу во дворце российской императрицы. Они будут выяснять кому должна принадлежать корона святого Альфреда. События в книге происходят в век плаща и шпаги, первые годы правления Станислава Понятовского.

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги

Вырвіч фыркнуў: бачыў ён прыдворных паэтаў, кшталту пана Матушэвіча, якія спявалі дыфірамбы сваім апекунам альбо сачынялі куртуазныя гісторыйкі для іх пацехі. Вядома, золата ім сыпалі жменямі… Але ж, калі што, як блазнаў, маглі адлупцаваць. А пісаць сур’ёзныя кнігі, кшталту даўжэзнай павучальнай гісторыі пра Трыстрама Шэндзі альбо скандальнай “Новай Элаізы”… Куды там драгуну!

Тут жа ў галаве прамільгнула здрадлівая думка: “А чым кепскі драгун? Вунь Русо лёкаем быў… Магчыма, Пранціш Вырвіч станецца беларускім Мальерам альбо Буало!”.

У галаве адразу закруціліся новыя радкі, як мухі вакол разлітага сочыва…

“У сэрцы трымціць залатая страла неспагады.

Чароўная Дама цябе лекаваць не збярэцца.

Ты мусіш забыцца на ўласныя раны і звады,

Айчыне ў ахвяру прынесці разбітае сэрца”.

А да бліжэйшай карчмы пад красамоўнай назвай “Кілбасы” яны не звярнулі. Хаця Вырвіч ужо без ранейшай агіды ўспамінаў нават застолле ў суддзі Юдыцкага і “вачасты” пачастунак кітайца. Што азначала – даўно варта перакусіць. Хаця б пасёрбаць жур з вяндлінай… Ці хоць локшыны зжаваць…

Пан Зыгмунд Грос дэкляраваў, што заначуюць у вельмі добрых умовах, у маёнтку з гасціннымі гаспадарамі. Цікавіцца іх імёнамі таксама не выпадала – па трыста дукатаў доктару і драгуну заплацілі не за роспыты.

Фурман скіраваў коней на лясную дарогу, яліны пачалі рабіцца ўсё вышэйшымі, падобнымі да цёмных шатроў, з якіх маглі выскачыць антыкаўды з вывернутымі ступакамі альбо высозазныя макробіі. У прыцемку Пранціш разгледзеў, што пасярод дарогі бялеюць дзве постаці, быццам прывідныя вартавыя. Гэта аказаліся мармуровыя скульптуры – адна выяўляла багіню мудрасці Мінерву, пра што сведчыла змрочная лупавокая сава на плячы, другая – багіню-цнатліўку Артэміду, якая сціскала тонкай мармуровай рукой лук. Паміж пагрознымі вартаўніцамі чарнела каваная брама. Нехта дыхтоўна агарадзіў свой маёнтак, чый чарапічны дах віднеўся над дрэвамі. Жалезныя прэнты агароджы ішлі ў лес, як быццам прараслі пасеяныя зубы цмока.

Фурман спыніў коней і некалькі разоў пратрубіў у ражок. Доўга чакаць не давялося – двое слуг падбеглі да брамы і, нават нічога не пытаючыся, расчынілі вароты. Значыць, чакалі…

Калі госці трохі праехалі па прысадзе да двухпавярховага будынка з двума алькежамі і паўкруглай каланадай, Вырвіч азірнуўся. Браму зачынялі, і ад гэтага зрабілася трохі няўтульна, як быццам яны добраахвотна аддаліся ў палон. Пранціш скасавурыўся на Лёдніка: фанабэрысты профіль доктара ў прыцемку мог напалохаць: не варта ноччу з такім панам сустракацца. Нічога, удвох яны нават з Аіду выберуцца!

З карэты данёсся ціхі стогн.

Раздзел трэці. Як Пранціш Вырвіч у сутарэнні Менску спускаўся

Дарога да маёнтка была ўся ўсыпаная сасновымі шышкамі.

Старажытныя грэкі лічылі шышку сімвалам Сусвету.

Такі вось Сусвет, складзены з мноства лушпінак і схаваных паміж імі зярнятак – зародкаў будучых дрэў.

А што дзіўнага? Для кагосьці ўся светаістасць – гэта двор ягонага магната, для кагосьці – утульная канапа… А хтосьці лічыць вянцом усяго поўны куфаль піва, і гатовы жыць у пеннай дабрадатнасці ажно да анёльскіх сурмаў…

Праўда, працягваючы алегорыю з шышкай, надта няпэўны лёс у такога калючага Сусвету – зваліцца з галінкі, і дзе апынецца? Раптам вось так, як гэтая шышка, трапіць у лоб маладому драгуну і пакоціцца пад капыты ягонага каня?

Пранціш ціха вылаяўся і пацёр выцяты лоб рукавом. Маёнтак, дзе яны мусілі заначаваць, падабаўся яму ўсё меней. Калісьці кёльты высаджвалі сосны ўздоўж дарог, каб гэтыя светлыя дрэвы ў цемры пазначалі шлях…

А тут нават сосны здаваліся цёмнымі і змрочнымі.

Не надта здзівіла назва гэтага месца – Чорныя Сосны.

Хаця сам будынак быў светлы, і калоны на паўкруглым ганку спрабавалі гуляць у Калізей, як павятовыя паненкі ў прыдворных дам.

Раптам аднекуль данёсся жаночы крык.

Перейти
Наш сайт автоматически запоминает страницу, где вы остановились, вы можете продолжить чтение в любой момент
Оставить комментарий