Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)
-
Год:2014
-
Название:Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
-
Автор:
-
Жанр:
-
Серия:
-
Оригинал:Белорусский
-
Язык:Белорусский
-
Страниц:33
-
ISBN:978-985-7083-85-5
-
Рейтинг:
-
Ваша оценка:
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги
– Спадар Лі не сказаў, як гэта называецца? – папытаўся доктар. Алесік, які ўскараскаўся на зэдлік, каб зазірнуць у гаршчок, заківаў галавой:
– Гаварыў! Фан… фін… цзя… ця…
– Ясна… – уздыхнуў доктар. – Ну, хто пакаштуе?
Хвелька сціпла адыйшоўся ўбок.
– У мяне пячонка хворая, пан доктар ведае!
– А з чаго гэта зроблена, Бутрым? – папытаўся Пранціш, разглядаючы бела-чырвона-зялёную куламесу.
Лёднік уцягнуў доўгім носам вохкую пару:
– A prima facie (На першы погляд – лац.), кураціна тут дакладна ёсць. Лі неяк распавядаў пра нацыянальную страву “Цмок, тыгр і фенікс”, якая рыхтуецца з курыцы, коткі і змяі…
Хвелька гучна зглынуў, нібыта яго заванітавала. Пранціш скрывіўся.
– Ты што, думаеш, твой кітаец корміць графа Разанцава варанымі коткамі і змеямі?
– Ну, не так радыкальна, – меланхалічна прагаварыў Лёднік, пацягнуўся за доўгай лыжкай, памяшаў ёю ў гаршчку, ад чаго і Пранціш адчуў, як нешта падступіла пад горла. За лыжку чапляліся доўгія белыя локшыны, падобныя да чарвякоў, што плавалі ў чырвонай падліўцы. А самае застрашлівае – боўталася чыёсьці вока. Круглае, з вішню, з чорным зрэнкам, яно быццам пазірала з гаршка, ад гэтага не было зразумелым, хто каго збіраецца з’есці. Адразу ўспомніўся суддзя Юдыцкі, які выплёўваў пажаваныя кавалкі на паднос.
– У кітайскай кухні спалучаюцца неспалучальныя элементы, – адкашляўшыся і тыцнуўшы лыжкай у варанае вока, пачаў лекцыю прафесар. – Напрыклад, у страве “Буда пералятае праз сцяну” у адным гаршку знаходзяцца плаўнік акулы, кальмар, качаціна, кураціна, свіная нага, бараніна, парасткі бамбука, грыбы і яшчэ немаведама што. Паводле легенды, адзін падарожны гэткім чынам схаваў у гаршку ўсе свае прыпасы, і атрымалася такая смачная страва, што на яе пах з бліжэйшага кляштара палезлі праз сцяну манахі, апраўдваючыся, што гэтак зрабіў бы і сам Буда.
– Я не хачу гэта… з вачыма… есці! – рашуча заявіў Алесік. – Я бліноў хачу!
– Колькі галодных людзей былі б шчаслівыя мець такі пачастунак на стале! – строга сказаў Лёднік, які сам, аднак, не спяшаўся несці лыжку ў рот. – І спадар Лі пакрыўдзіцца… Кулінарыя – таксама від мастацтва!
– Усё, заканчвайце дзівіцца! – рашуча заявіла Саламея. – Спадар Лі – жартаўнік, ён спецыяльна прысылае такія… спецыфічныя стравы. Помніш, Бутрым, як ты мінулы раз соду глытаў пасля ягоных прыправаў? Маіх бліноў хопіць на ўсіх.
Палачанка ўзяла рушніком са стала цёплы гаршчок і паставіла на падлогу.
– Піфагор, любіш кітайскую кухню?
Руды сабака падсунуўся да гаршчка, прынюхаўся, падціснуў хвост, пакрыўджана гаўкнуў і выбег з пакою. Пранціш не стрымаў смеху.
– Гэтую страву трэба назваць не “Буда пералазіць праз сцяну”, а “Піфагор уцякае на двор”.
Куды ўрэшце адправіліся кітайскія далікатэсы, Вырвіч не высвятляў.
Гасіў уночы прафесар свечку кулаком на адлегласці ці не, невядома, але наўрад. Таму што, калі ў горадзе зніклі агні самым звычайным спосабам, у дом з зялёнымі аканіцамі прыбеглі ад чарговага пацыента, якому стала кепска, і Лёднік, сабраўшы доктарскую валізку і прачытаўшы кароткую малітву святому Панцеляймону-ацаляльніку, адправіўся ратаваць яшчэ адно чалавечае жыццё, і, пэўне ж, начхаць няшчаснаму хвораму было на ўсе гумаральныя і магнетычныя тэорыі, на вучоныя дыспуты і на блюзнерствы ягонага лекара.
Але калі драгун Вырвіч прадраў нараніцу свае блакітныя сумленныя вочы, гаспадар з дому ўжо сышоў. Пані Саламея патлумачыла – выклікалі ў дэканат. Трохі трывожна, вядома, але ж вось-вось пачатак навучальнага году, у прафесуры справаў шмат. Вырвіч хадзіў па доме, пазяхаючы, і падумваў, ці не падацца ў карчомку…
І тут вярнуўся гаспадар. Прайшоў хуткім крокам праз вітальню, здымаючы на хаду капялюш і перавязь з шабляй.
– Вырвіч, у кабінет!
Да бабкі не хадзі – здарылася нешта паганае.
Прафесар глядзеў на свайго былога ўладальніка, як бацька кінутай нявесты на здрадлівага жаніха.