Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская (2014)
-
Год:2014
-
Название:Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
-
Автор:
-
Жанр:
-
Серия:
-
Оригинал:Белорусский
-
Язык:Белорусский
-
Страниц:33
-
ISBN:978-985-7083-85-5
-
Рейтинг:
-
Ваша оценка:
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская читать онлайн бесплатно полную версию книги
Не тое, каб Пранціш ніколі раней не бачыў людзей з далёкіх краінаў – пры магнацкіх дварах былі і мурыны, і эскімосы, і індыяны. Падумаеш! Кожны князь альбо манарх імкнуўся пазбіраць у палац яшчэ і розных пачвараў, – не робячы розніцы паміж карлікамі, гарбунамі і двухгаловымі цялятамі. Многія свята верылі ў існаванне цыклопаў, латафагаў ды іншых неверагодных народаў. Як пісаў мніх з Корбі Ратрамн прасвітэру Рымберту ў пасланні пра кінакефалаў, “Падобна таму, як у кожным народзе сустракаюцца людзі, якія, здаецца, нарадзіліся на свет насуперак законам натуры, напрыклад, двухгаловыя, трохрукія, карлікі, гермафрадыты ці андрагіны і шматлікія іншыя, якія жывуць насамрэч не насуперак законам прыроды, але выконваюць сваю прызначэнне, бо законы прыроды ўсталяваныя Госпадам, гэтак жа сярод рода чалавечага натуральным чынам існуюць тыя, якія лічацца звыродлівымі стварэннямі, – напрыклад, пігмеі, антыкаўды, – у адных памер цела дасягае локця, у другіх ступакі вывернутыя назад, а на нагах па восем пальцаў. Гіподы – людзі, што спалучаюць чалавечае аблічча з конскімі нагамі. Макробіі, якія амаль удвая вышэй за людзей, а ў Індыі ёсць племя жанчын, якія зацяжарваюць у пяць гадоў і жывуць не долей васьмі, а таксама шмат іншых, у існаванне якіх з цяжкасцю верыцца”.
Чым жа можа здзівіць дзядок-кітаец?
Але вось так пабачыць яго ў хаце Лёдніка, да таго ж, падобна, ён тут госць звыклы… Ды і займаліся госць і гаспадар, якія сядзелі па розныя бакі доўгага абедзенага стала, нечым дзіўным. Паміж імі – на адлегласці сажня ад абодвух – стаяла свечка, яе агеньчык свяціўся спалоханым памаранчава-блакітным вокам. Лёднік і кітаец узіраліся ў гэтае вока, нібыта ў марскую далеч, не зважаючы на зухаватага драгуна, які застыў у дзвярах. Раптам Лёднік маланкавым рухам выкінуў у бок свечкі сціснуты кулак – нават агеньчык трохі здрыгануўся. Што за фокусы? Твар прафесара зрабіўся кіслы, як бы агрэст разжаваў.
– Вы недастаткова канцэнтруеце сваю энергію, пан доктар, – смешна перакрыўляючы словы, прамовіў тонкім галаском дзядок. – Мы з вамі пра гэта ўжо гаварылі… Я нават не адчуў вашай сілы – хаця яна ў вас ёсць.
Кітаец таксама выкінуў наперад і прыбраў кулак – прычым рух ягоны быў яшчэ больш імклівы, чым у Лёдніка, хоць уявіць такое цяжка, і здарылася дзіўнае: агеньчык свечкі зараз жа згас, як бы хтось прыціснуў кнот. Доктар пры гэтым відовішчы ўпарта нахмурыўся, ноздры ягонага дзюбападобнага носу пагрозна раздзімаліся, рука паднялася…
За вокнамі пачуўся звонкі крык:
– А ну, давай! Наперад! Давай, Піфагор! Што ж ты!
Паніч Алесь Лёднік муштраваў на двары дабрэннага сабаку. Піфагор радасна гаўкнуў – падобна, не разумеючы карысці баявой навукі. А ў пакоі з партрэтам Арыстоцеля прафесар Віленскай акадэміі зноў паспрабаваў забіць свечку, хаця яна яму дакладна нічога кепскага не зрабіла.
– Пайшлі, не перашкаджай ім… – прашаптала за спінай Пранціша Саламея. – Яны яшчэ з гадзіну будуць мэнчыцца.
У другім пакоі, дзе на каміне стаяў сіні галандскі гадзіннік-ваза і вісеў партрэт сэра Ньютана, Пранціш нарэшце змог задаволіць цікаўнасць.
– Кітайца завуць Чунь Лі, кухарам працуе ў графа Разанцава, – патлумачыла пані Лёднік. – Той яго ажно з Сібіры прывёз. Модна зараз мець па некалькі кухараў-іншаземцаў. А гэты так прыгатуе, што не зразумееш ні па выглядзе, ні па смаку, што ясі – рыбу, мяса, гародніну ці ўвогуле якуюсь жамяру. Час ад часу прысылае нам ад графскага стала пакаштаваць сваіх вырабаў. Праўда… – Саламея замялася, – неяк яно не надта нам смакуе, не кажы толькі нікому. Дзядок няпросты, і медыцынай займаецца, і ўсялякімі баявымі штукарствамі. Бутрым неяк падгледзеў, як ён забіў добрага такога бычка, адкормленага дзеля панскай кухні… Няўзброенай рукой. З аднаго ўдару. А ты ж ведаеш, наш Фаўст ніколі не адмовіцца ад новых ведаў. Ну і паразумеліся… Бутрым яшчэ і кітайскую мову засвойвае.
– А што гэта яны са свечкай робяць? – зацікавіўся Пранціш.